Літва — адзін з самых папулярных напрамкаў, дзе беларусы адкрываюць фірмы і рэгіструюцца як індывідуальныя прадпрымальнікі. Часта кажуць, што ў гэтую краіну актыўна едуць айцішнікі. Але ёсць у Літве і іншыя, прычым часам незвычайныя, бізнес-праекты невялікага маштабу. Расказваем тры гісторыі такой актыўнасці.

Навукова-забаўляльны цэнтр для дзяцей
Аляксандр (імя змененае з меркаванняў бяспекі) у сярэдзіне 2023 года запусціў у Вільнюсе незвычайны праект для дзяцей, які называецца Vaikų laboratorija («Дзіцячая лабараторыя»). Гісторыя пра тое, як беларус адкрываў мясцовы аналаг ІП, даволі кароткая, бо ў ёй няма бюракратычнай цяганіны.
— У Літве гэта вельмі проста — не трэба ехаць ні ў якія падатковыя, дзе, як у Беларусі, аб цябе выціраюць ногі і глядзяць як на ворага. Усё, што мне было трэба зрабіць, — гэта запоўніць анлайн-форму, націснуць «адправіць» — і альбо ў той самы дзень, альбо на наступны мне прыйшло паведамленне: «Вы — ІП», — гаворыць Аляксандр і расказвае пра стаўленне супрацоўнікаў дзяржструктур: — Ведаеце гэтую нашую беларускую дэфармацыю — [боязь] патэлефанаваць некуды і спытаць, бо там будуць незадаволеныя, будуць хаміць. Прыемна парадавала, калі сутыкнуўся з нейкімі пытаннямі, што тут вельмі ветлівыя — быццам прыйшоў нейкі сэрвіс атрымаць. Часам, бывае, яны не ведаюць, што табе трэба, і тады пачынаюць перакідваць цябе з аднаго аддзялення ў іншае, але суправаджаюць тлумачэннямі, што зараз пераключаць вось на такога спецыяліста. Калі стаіць пытанне, ці можна размаўляць на рускай мове, таксама шукаюць спецыяліста, які дапаможа. Тут відаць, што [дзяржслужбоўцы] працуюць для цябе, а не ты для іх.
Некалі ў Аляксандра на радзіме таксама было ІП. У той час, кажа ён, падатковая нагрузка не была вялікай: «Плацілі каля 5% ад абароту». Але гледзячы, як змяняецца сістэма для прадпрымальнікаў, ён лічыць, што цяпер гэта не так.
— Як спяваў Фрэнк Сінатра пра Нью-Ёрк, калі ты ў гэтым горадзе нешта зрабіў, ты зробіш гэта дзе заўгодна. Дык вось калі ты рабіў хаця б нейкі бізнес у Беларусі, ты зробіш яго дзе заўгодна, — параўноўвае прадпрымальнік. — Памятаю, у Беларусі нават каб рахунак на аплату зрабіць, трэба яго надрукаваць, паставіць пячатку, подпіс. Сфоткаць — выслаць. І адразу адправіць арыгінал папяровай поштай. Тут у вордзе набраў, нават без электроннага подпісу, адправіў — больш нічога не трэба. У канцы года, калі падаеш дэкларацыю, усе твае рахункі бачныя ў асабістым кабінеце.
Праект Аляксандр прыдумаў для дзяцей. Кажа, што ён скіраваны на тое, каб маленькія кліенты маглі рабіць навуковыя эксперыменты пад наглядам дарослых. Такім чынам Аляксандр спадзяецца папулярызаваць сярод іх навуку.

— У нас ёсць магчымасць займацца ў навуковай студыі, можна адзначаць дні нараджэння, а таксама мы робім івэнты, дзе ставім эксперыменты ў фармаце стэндапу, — кажа Аляксандр і тут жа ўдакладняе, што ў яго няма мэты замяніць школьныя веды. — Я ўсведамляю, што дзеці на такіх занятках не запомняць нечага са школьнага курса хіміі — ды і не стаіць такой задачы. Я хачу абудзіць прагу да ведаў, сфармаваць навуковы інтарэс.
Праект у Вільнюсе існуе амаль паўгода. Стартавалі даволі бадзёра: правялі летнік, падчас вакацый быў запыт з боку кліентаў. Але з прыходам восені актыўнасць пайшла на спад.
— Такая сфера, — тлумачыць прадпрымальнік. — Гэта далёка не гандаль нафтай і зброяй. Мы працуем, але выходзім у нуль — ні страт, ні прыбыткаў.

Праект арганізуе групавыя заняткі для дзяцей на трох мовах — беларускай, літоўскай і рускай. Але, як кажа Аляксандр, першая з іх не карыстаецца попытам. На сустрэчы, анансаваныя на беларускай, прыходзяць адзін-два чалавекі.
На пытанне, чаму наш суайчыннік вырашыў развіваць менавіта такі незвычайны праект, ён кажа, што пачалося ўсё з асабістай зацікаўленасці, а потым нечакана запыт пачаў пашырацца.
— У мяне ёсць дачка, я ёй паказваў розныя доследы і эксперыменты. Аднойчы мяне запрасілі паказаць іх класу дачкі. Тады я ўбачыў, што на гэта ёсць нейкі попыт, і вырашыў арганізаваць праект для ўсіх дзяцей Вільнюса, — тлумачыць Аляксандр. Ён дадае, што не прафесійны настаўнік, але яму самому цікавыя такія эксперыменты.
«У Беларусі прадпрымальнік заўсёды напружаны, каб не парушыць правіла, якога ты не ведаеш, бо яно раптоўна з’явілася»
Псіхолаг, псіхатэрапеўтка Ганна Матуляк больш за 20 гадоў працавала ў гэтым напрамку ў Беларусі. Але ў пачатку 2022 года была вымушаная пераехаць у Літву. Неўзабаве пасля прыбыцця ў новую краіну спецыялістка зарэгістравала мясцовы аналаг ІП, каб працягваць сваю шматгадовую практыку, а менавіта аказваць псіхалагічную дапамогу.
— Я доўга не магла падступіцца да адкрыцця ІП — былі асцярогі. Тым больш пасля пераезду не было дастатковай колькасці энергіі, сіл, каб спраўляцца з усім гэтым. Тады гэта падавалася складаным, бо быў моўны бар’ер, неразуменне, як працуюць законы, — успамінае Ганна. — Я хвалявалася і, памятаю, былі чаканні бюракратычнай цяганіны, як у Беларусі.
Псіхолаг думала, што ёй трэба будзе хадзіць па дзяржструктурах, сядзець у чэргах, запаўняць стосы папер. Але рэальнасць яе здзівіла — фактычна ІП яна адкрыла праз тэлефон прыкладна за 15 хвілін:
— Ветлівая супрацоўніца спытала, чым я хачу займацца. Мы падабралі код дзейнасці, яна ўсё зарэгістравала і сказала, што на гэтым усё.

На наступны дзень Ганна паехала ў падатковую, каб забраць пасведчанне, якое дае права займацца яе дзейнасцю. Там хоць і здзівіліся яе візіту, але раздрукавалі дакумент і аддалі ёй. І толькі тады яна зразумела, што магла раздрукаваць яго і дома і што гэтая папера не такая важная, бо ўсе пацверджанні захоўваюцца ў электронным выглядзе. Гэта моцна адрознівалася ад таго досведу, які псіхолаг мела на радзіме.
— На наведванне ўсіх гэтых службаў у Беларусі я заўсёды вылучала дзень. Нічога больш на яго не планавала, бо, па-першае, невядома, колькі часу ты там прабудзеш, а па-другое — колькі нерваў страціш.
Паколькі перыяду справаздачы перад падатковымі органамі ў Літве ў спецыялісткі яшчэ не было, яна пакуль не можа параўнаць гэты досвед. Аднак кажа, што перспектыва плаціць падаткі раз на год, а не кожны квартал ёй падабаецца больш.
— Разумею, што трэба будзе напружыцца і да прыстасавацца, але чакаю, што гэта будзе значна менш стрэсавым, чым штоквартальныя выплаты падаткаў у Беларусі. Таму я спакойна працую, — расказвае Ганна і пераходзіць да ацэнкі такіх умоваў. — Ёсць адчуванне, што табе ствараюць зручныя ўмовы, то-бок ты як прадпрымальнік знаходзішся ў камфортных умовах, не спалучаных з нечаканым стрэсам. У Беларусі прадпрымальнік заўсёды напружаны: які выйдзе новы ўказ, закон, як пад іх пераналадзіць дзейнасць, што зрабіць, каб не страціць прыбытак і не парушыць правіла, якога ты не ведаеш, бо яно раптоўна з’явілася.
Псіхолаг успамінае, што кансультавалася ў літоўскай падатковай службе, як правільна рэгуляваць сродкі на рахунку (у Літве ІП выкарыстоўвае асабісты банкаўскі рахунак фізічнай асобы). Ёй прапанавалі ў перыяд выплаты падаткаў прыехаць і разам са спецыялістам падатковай разабрацца, якія з даходаў і выдаткаў адносяцца да бізнес-актыўнасці, а якія — не. Гэта таксама стала прыемным сюрпрызам.

Даўняя мара — інстытут
У сярэдзіне 2023 года Ганна Матуляк зрабіла крок наперад — і ў дадатак да ІП адкрыла фірму. Першы фармат дзейнасці яна выкарыстоўвае для асабістай практыкі ў якасці псіхолага, а новая спатрэбілася для адкрыцця Еўрапейскага інстытута сучаснай псіхатэрапіі (European Institute of Modern Psychotherapy), дзе прафесійныя псіхолагі, у тым ліку тыя, што з’ехалі з Беларусі, будуць атрымліваць паслядыпломную адукацыю.
— Стварыць інстытут, дзе псіхолагі маглі б вучыцца, дзе праходзілі б курсы, семінары, заснаваць добрую, паводле стандартаў Еўрапейскай асацыяцыі, працяглую праграму па падрыхтоўцы гештальт-тэрапеўтаў — гэта была вялікая даўняя мара. Я шмат гадоў выкладаю ў еўрапейскіх інстытутах і разумею, як гэта тут адбываецца, — гаворыць суразмоўніца.
Псіхолаг працуе ў асноўным з рускамоўнымі кліентамі, але галоўны акцэнт у сваёй дзейнасці робіць на беларусах. Гэта і супрацоўніцтва з беларускімі ініцыятывамі па аказанні прафесійнай псіхалагічнай дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій, і ў цэлым праца з нашымі суграмадзянамі ў якасці кліентаў.
Даволі працяглы перыяд псіхолаг бясплатна працуе з часткай кліентаў, якія пацярпелі ад дзеянняў беларускага рэжыму. У планах — аддаваць каля 5% штомесячнага прыбытку інстытута на падтрымку палітвязняў у Беларусі. Гэтая частка пакуль у планах, бо развіццё адукацыйнага кірунку ідзе адносна марудна.
— Рэч у тым, што ў мяне няма інвестараў ці спонсараў. Усё гэта робіцца выключна на грошы, якія я зарабляю. Вось зарабіла я [на псіхалагічнай дапамозе] кліентам — і ўклала ў інстытут, — тлумачыць псіхолаг. — Але ў будучыні я планую наладзіць сістэму ў тым ліку так, каб атрымліваць гранты на навучанне канкрэтных людзей. Так прафесіяналы будуць атрымліваць адукацыю бясплатна, а потым, як будзе прапісана ў дамове, будуць бясплатна працаваць з пацярпелымі.

Ганна ўдакладняе: яна не ставіць мэтай фінансавыя выгады ад інстытута, лічачы, што на такой дзейнасці усё роўна шмат не заробіш.
— Гэта, хутчэй, амбіцыі ўнутранага выкладчыка каштоўнасцяў, псіхатэрапіі, якія хочацца несці вучню, якія хочацца гадаваць, — кажа псіхолаг. — Я шмат гадоў вяду спецыялізацыю па рэпрадуктыўнай псіхатэрапіі, і вельмі многія мае калегі яе скончылі — заўсёды былі вельмі цёплыя водгукі. Таму я праўда лічу, што ў мяне ёсць здольнасці і талент да выкладання, ёсць каштоўнасці, якія мне важна даносіць. Вось я і вырашыла спалучыць гэта ў такім праекце. А ці выжыве ён і наколькі будзе прадуктыўны, пакажа час.
Попыт на псіхалагічную дапамогу
Попыт на псіхалагічную дапамогу з боку беларусаў, якія жывуць у Літве, Ганна Матуляк ацэньвае даволі высока. Паводле яе словаў, сам факт пераезду робіцца прычынай высокага ўзроўню стрэсу, а калі гэта вымушаная змена краіны — па сутнасці, эвакуацыя, гэта выклікае дадатковыя перажыванні.
— Гэта ўплывае як на ўласны стан, так і на тое, што адбываецца ў сям'і. У выніку шмат параў звяртаецца па сямейную тэрапію, бо ўсе гэтыя акалічнасці моцна ўплываюць на тое, што адбываецца ў пары. Абвастраюцца адносіны з дзецьмі, бо яны таксама рэагуюць, хварэюць ці пачынаюць неяк па-асабліваму сябе паводзіць, забіраючы тым самым бацькоўскую ўвагу. У сваю чаргу, гэта абцяжарвае эмацыйны стан і замінае адаптацыі, — кажа псіхолаг.
Паводле яе, нямала беларусаў жыве спадзяваннямі на хуткае вяртанне. Праз гэта многія захрасаюць у прамежкавым стане, калі яны ўжо не ў Беларусі, але яшчэ і не ў той краіне, куды з’ехалі. «Гэта вельмі цяжкі стан, які часта вымагае нават фармакалагічнай падтрымкі ў выглядзе антыдэпрэсантаў», — кажа спецыялістка.
«Гэты бізнес не проста пра фінансавыя інтарэсы, гэта важна для мяне, блізка»
Алег Мяцеліца мае досвед у агратурызме і арганізацыі сплаваў на байдарках. Менавіта гэтым ён займаўся на радзіме прыкладна пяць гадоў. Але Алег не займаўся толькі бізнесам, у Беларусі ён быў таксама актывістам. У 2020 годзе яго арыштавалі па палітычным адміністрацыйным артыкуле, пасля — завялі крымінальную справу, што і стала прычынай ад’езду.
Этнасядзіба сям'і «Старкі» на Магілёўшчыне, як і ўся маёмасць Алега, цяпер арыштаваная па крымінальнай справе — намесніца старшыні Бялыніцкага райвыканкама Ірына Фурсава падала заяву на актывіста нібыта за паклёп. За кратамі знаходзіцца і яго жонка — яе затрымалі ў красавіку 2021 года, калі жанчына прыехала з Літвы на пахаванне маці. Пасля ёй далі 3,5 года за «незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы».
— Арышт маёмасці — гэта цалкам палітычная справа. Яна звязаная з вялікім мітынгам 16 жніўня 2020 года. Я быў з тых, хто актыўна рыхтаваў выхад людзей 16-га ў Бялынічах. На тым мітынгу я сказаў, што старшыня раённай выбарчай камісіі спадарыня Ірына Фурсава — злодзей і фальсіфікатар, што яна скрала нашыя галасы. Рэч у тым, што ў нас увогуле не абвяшчалі ніякіх вынікаў. 17 жніўня завялі крымінальную справу за паклёп на яе. З ранейшых дзеянняў уладаў падчас выбараў было зразумела, што ў Бялынічах заставацца нельга. Я спачатку выехаў не за мяжу, але ведаў, што ў мяне 10 дзён, а потым абвесцяць у вышук. Калі стала зразумела, што нічога не мяняецца, выехаў у Літву. А па крымінальнай справе, хоць гэта і было дзіўна для майго адваката, арыштавалі маёмасць — як я разумею, мусіла быць прадугледжаная нейкая маральная кампенсацыя.
Справа так і не дайшла да суда, але, як паведамлялі медыя, аграсядзібу перадалі мясцоваму сельсавету.
Звыклая дзейнасць у новай краіне
Аказаўшыся ў Літве, прадпрымальнік працаваў то тут, то там. Ён спачатку і не думаў пра бізнес — была надзея хутка вярнуцца на радзіму.
— У мяне і цяпер настрой такі, што калі зменіцца сітуацыя і мы з Алесяй вырашым, то вернемся дадому. Думаю, Алеся са мной пагадзілася б, бо яна таксама вельмі пакутавала праз тое, што давялося пераехаць. Калі казаць пра мяне, я вельмі хачу вярнуцца, — кажа Алег. — Таму першы год нічога ў гэтым кірунку [развіцця бізнесу] не рабіў.
Але пасля таго як беларускія сілавікі арыштавалі яго жонку Алесю Буневіч, ён зразумеў, што гісторыя зацягваецца, да таго ж спатрэбяцца дадатковыя грошы на адвакатаў. Так Алег вырашыў паспрабаваць аднавіць частку знаёмай яму дзейнасці — сплавы на байдарках, тым больш у Вільнюсе такая актыўнасць карыстаецца попытам, а ў самім горадзе аж тры рэчкі.

— Байдаркі, сплавы цікавыя мне самому. То-бок гэты бізнес не проста пра фінансавыя інтарэсы, гэта важна мне, блізка. Плюс я разумеў гэтую справу. Да таго ж было відаць, што сам Вільнюс унікальны тым, што тут сплавы адбываюцца ў горадзе, бо тут у межах горада тры рэчкі (хаця мы плаваем не толькі ў горадзе). Вільнюс у гэтым плане ідэальны, бо тут ёсць рознага плана рэчкі. Калі ты першы раз — можаш проста плаваць па Нярысе, калі хочаш нешта іншае паспрабаваць — ёсць іншыя. І самі літоўцы вельмі актыўна плаваюць.
Для сваёй справы беларус абраў «самую простую форму» — verslo liudijimas. Гэта значыць, што ён атрымлівае спецыяльны бізнес-сертыфікат на перыяд, калі плануе аказваць турыстычныя паслугі. Такі дакумент дазваляе працаваць без рэгістрацыі індывідуальнай дзейнасці.
Для арганізацыі сплаваў на байдарках гэта даволі прыдатны фармат, бо, з улікам клімату, такія паслугі магчымыя не круглы год. У асноўным сплавы арганізуюцца з вясны да восені, у некаторых, даволі рэдкіх, выпадках ёсць зімняя актыўнасць.
— Проста працую ў абраныя дні — без справаздачы ці дакументацыі. Плачу фіксаваны падатак. Гэта як у Беларусі калі проста хочаш некаму дровы пакалоць, — расказвае беларус. — У свой час увесь рыштунак, байдаркі былі з Літвы, тут ёсць партнёры, з якімі працавалі, таму ў першы сезон была магчымасць узяць прычэп і першыя байдаркі ў растэрміноўку. Потым пакрыху абнавіў «флот». І вось ужо два сезоны ў гэтым кірунку працую.
Як выглядае кліент
Як кажа прадпрымальнік, 99% яго кліентаў — беларусы. Ёсць невялікая доля ўкраінцаў і расіян і крыху літоўцаў.
— Ёсць нават кліенты, якія некалі былі на аграсядзібе ў Беларусі, плавалі там, а цяпер звяртаюцца тут, — кажа Алег. — Але ў планах — пашырыцца на літоўскую аўдыторыю, каб стала болей кліентаў-літоўцаў. Гэта на будучыню, а цяпер той попыт, які ёсць, якраз трапляе ў нашыя магчымасці.
Кажучы пра запыты, Алег кажа, што практычна пароўну карпаратыўных кліентаў і індывідуальных альбо невялікіх груп.
— Разумееце, калі ты ў Мінску думаеш, як адпачыць на выходных, у цябе ёсць альбо свой план, альбо ты прыгадваеш, што бачыў, як людзі катаюцца на катамаранах. А тут [замест катамаранаў] байдаркі. Людзі ведаюць, што так можна адпачыць, бо праходзяць міма ракі і бачаць, як людзі плаваюць. Тым больш калі даведваюцца, што гэта можна рабіць без нейкай спецыяльнай падрыхтоўкі.
Розніца бюракратый
— Што да формы вядзення бізнесу, у Беларусі яна ў мяне таксама была вельмі простая — бо я быў уладальнік аграсядзібы. На той час гэта была вельмі добрая форма, па падатках адна ці дзве базавыя за год, простая справаздачнасць. Адзіны недахоп — рэгістрацыя замежнікаў, якія прыязджаюць у аграсядзібу, — расказвае прадпрымальнік. — Але калі б я проста сплавамі на байдарках займаўся, здаецца, гэта было б магчыма толькі праз ІП альбо рабіць гэта як я — у дадатак да аграсядзібы. То-бок ты нешта прыдумляеш, каб не парушыць закон. У Літве ўсё вельмі проста ў гэтым плане. Таму, думаю, нам трэба браць з іх прыклад. Бо гэта і турызм, і спорт, і далучэнне да прыроды. І я не разумею, навошта ў гэтым кірунку рабіць нейкія перашкоды.
Але галоўнай «дуратой у Беларусі» Алег называе абмежаванні на сплавы ў красавіку і траўні. Ён кажа, што байдаркі не маюць матораў, якія могуць нашкодзіць рыбе падчас нерасту.
— Гэта ўсё роўна што забараняць чалавеку ў ваду заходзіць, плаваць. Але ж людзі ўсё роўна, напрыклад, падчас доўгіх святаў у траўні выязджаюць на прыроду — п’юць, гуляюць. У Літве такой забароны няма.