У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд па справе экс-кіраўніка «Белінвестбанка» Андрэя Брышцелева і іншых топ-менеджараў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Андрэя Брышцелева прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры асобай, якая займае адказнае становішча (ч. 3 арт. 430 КК Беларусі). Яго асудзілі на 12 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 2000 базавых велічынь (80 тысяч рублёў).
Былога выканаўчага дырэктара «Белінвестбанка» Андрэя Раманенку і начальніка аднаго са структурных падраздзяленняў банка Ігара Піскунова прызналі вінаватымі ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424). Акрамя таго, Піскунова прызналі вінаватым у дапамаганні ў даванні хабару (ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК Беларусі). Які прысуд ім вынеслі, не паведамляецца.
Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
Нагадаем, інфармацыя пра затрыманне Андрэя Брышцелева з’явілася ў канцы красавіка 2022 года. Пасля гэтага «Белінвестбанк» быў некалькі месяцаў «абезгалоўлены». Асноўны акцыянер «Белінвестбанка» — Дзяржкаммаёмасць.
Суд над топ-менеджарамі банка пачаўся 5 снежня 2023 года. Ён праходзіў у закрытым рэжыме.