Украіна пачала эканамічную вайну з Беларуссю раней за Захад, таму Аляксандр Лукашэнка не стаў яе абараняць. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю амерыканскаму блогеру Марыа Наўфалу.

«Мяне часта пытаюць, ці ведаў я, што гэтая вайна пачнецца ў лютым тры гады таму. Не, я не ведаў. Але калі б ведаў, я б Украіну тады не абараняў. Бо ў гэты момант ужо мы знаходзіліся ў стадыі эканамічнай вайны з Украінай», — заявіў ён.
Лукашэнка прыгадаў, што Украіна раней, чым амерыканцы і Заходняя Еўропа, увяла супраць Беларусі санкцыі, закрыла мяжу.
«Яны арыштавалі тысячы нашых чыгуначных вагонаў з таварамі. Дагэтуль не вярнулі. І каля тысячы вялікагрузных аўтамабіляў, — сказаў Лукашэнка. — Дык чаму я мусіў абараняць Украіну? То-бок Украіна пайшла на эскалацыю адносін з Беларуссю раней, чым амерыканцы і ўвесь Захад».
Адзначым, што арышт чыгуначных вагонаў і вялікагрузаў адбыўся пасля пачатку вайны ва Украіне, пасля таго як расійскія войскі ўварваліся на яе тэрыторыю ў тым ліку з Беларусі.
«Таму нас няма чаго папракаць. Але ж мы выступілі за тое, каб не было вайны, каб быў мір. Гэта была нашая пазіцыя. І я ў першыя дні вайны патэлефанаваў Зяленскаму і яму гэта ўсё расказаў», — дадаў Лукашэнка.
Ён нагадаў пра сваю размову з Уладзімірам Зяленскім у пачатку вайны.
«Я яму сказаў, што ў ЗША да ўлады прыйдзе новая адміністрацыя і палітыка зменіцца. Ніхто цябе не будзе падтрымліваць у вайне. Так і адбылося. Усё было прадказана. Не таму, што я вялікі прадказальнік. Але ўсё, што я сказаў, гэта ёсць у сродках масавай інфармацыі. Запіс ёсць адпаведны. Усё гэта і адбылося», — сказаў Лукашэнка.
Знайсці пацверджанне словам Лукашэнкі не ўдалося. Але пра размову расказваў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. «Праз некалькі дзён, першых дзён вайны, я размаўляў з Лукашэнкам праз тэлефон, і ён прасіў прабачэння. Ён казаў: «Гэта не я, з маёй тэрыторыі пускалі ракеты, і пускаў Пуцін». Гэта яго словы, у мяне ёсць сведкі. Ён мне казаў: «Ты павер, Валодзя, гэта не я. Я не кантралюю, гэта проста ракеты, гэта Пуцін…» — сказаў прэзідэнт Украіны.