Жыхарка Гомеля ўжо тры гады не можа падзяліць жыллё з былым мужам, а цяпер ён заявіў ёй, што кватэра цалкам ягоная, піша «Белка».

«У 2020 годзе мы з мужам купілі кватэру, аформілі яе на яго, а праз год развяліся. З таго часу ў гэтай кватэры жыву я з дзецьмі. Муж спачатку паабяцаў, што мы прадамо жыллё і падзелім даход, але потым перадумаў. Толькі нядаўна я зразумела чаму. Паводле мужа, пра свае правы на гэтую кватэру я ўжо не магу заявіць, бо з моманту скасавання шлюбу прайшло тры гады. Гэта сапраўды так? Як нам цяпер падзяліць нерухомасць?» — апісала свой выпадак гамяльчанка.
У сітуацыі дапамагла разабрацца загадчыца натарыяльнай канторай № 2 Савецкага раёна Гомеля Святлана Кучынская.
Паводле натарыуса, муж у гэтым выпадку не мае рацыі.
«Тэрмін пазоўнай даўніны пачынаецца з дня, калі асоба даведалася пра парушэнне свайго права, і гэта неабавязкова дзень скасавання шлюбу (частка 1 артыкула 201 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь)», — патлумачыла Кучынская.
Яна адзначыла яшчэ адзін важны нюанс: калі адзін з сужэнцаў пасля разводу з’ехаў з агульнай кватэры добраахвотна, то гэта не парушае яго маёмасных правоў. Тры гады адлічваюцца з таго моманту, калі адзін з сужэнцаў адмовіўся аддаваць іншаму долю.
Натарыус ўдакладніла: калі муж і жонка змогуць дамовіцца, то ёсць два варыянты падзяліць кватэру.
Адзін з іх — скласці пісьмовае пагадненне пра падзел і засведчыць яго ў натарыуса. Тут вельмі важна, каб абое былі згодныя.
Другі спосаб — атрымаць у натарыуса пасведчанне пра права ўласнасці на долі ў маёмасці, нажытай у перыяд шлюбу. Былым мужу і жонцы гэты дакумент выдаюць незалежна ад таго, калі яны развяліся.