Вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны спынілі падрыхтоўку па 45 спецыяльнасцях. Пра гэта ў інтэрв'ю «СБ. Беларусь сегодня» паведаміў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Чыноўнік адзначыў, што яго ведамства выконвае «першае жалезнае патрабаванне» Аляксандра Лукашэнкі: спыніць няпрофільную падрыхтоўку ў ВНУ.
— Дзейнічаем паслядоўна. У мінулым навучальным годзе спынілі падрыхтоўку па 12 спецыяльнасцях, у гэтым — па 45. У наступным навучальным годзе цалкам завершым няпрофільнае навучанне ў беларускіх ВНУ, — сказаў Андрэй Іванец.
Кіраўнік Мінадукацыі падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра спыненне падрыхтоўкі спецыялістаў на шэрагу кірункаў.
— Іх працягнуць рыхтаваць, але толькі ў тых вышэйшых навучальных установах, якія маюць адпаведныя навуковыя школы, кваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад, неабходную матэрыяльна-тэхнічную базу. Толькі гэтыя ўстановы могуць гарантаваць галоўнае — якасць адукацыі, якую мы ставім у аснову.