Расія за мінулы год практычна не дабілася прагрэсу ў вайне ва Украіне, страціўшы тысячы салдат, каб захапіць невялікую тэрыторыю. Такімі тэмпамі яна зможа акупаваць усю Украіну прыкладна праз 118 гадоў. Пра гэта піша журналіст The Atlantic Грэм Вуд.

«Памятайце пра гэтую лічбу, калі пачуеце, як прэзідэнт Дональд Трамп або віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс заяўляюць, як гэта было на мінулым тыдні на сустрэчы ў Авальным кабінеце з прэзідэнтам Зяленскім, што Украіна „не выйграе“ вайну і што яна знаходзіцца ў „вельмі кепскім становішчы“. Пазіцыя Расіі таксама „кепская“ — і, магчыма, больш пакутлівая, бо расіяне адчуваюць дадатковую горыч, якая прыходзіць з усведамленнем таго, што ў лютым 2022 года яны маглі б проста застацца дома і не пачынаць вайну. Абодва бакі прайгралі, а гэта значыць, што абвяшчаць, нібыта прайграў толькі адзін бок, — гэта дзіўны выбар», — піша Вуд.
Ён прыводзіць словы аналітыка з Інстытута па вывучэнні вайны Джорджа Бароса, які парэкамендаваў для вымярэння апошніх расійскіх поспехаў на полі бою «дастаць штангенцыркуль», «бо вайна запаволілася да такой ступені, што абодва бакі захопліваюць і страчваюць усяго некалькі квадратных кіламетраў пустой зямлі за раз». Пры гэтым Расія, з ягоных словаў, «не прадзіраецца праз гарадскую забудову».
«Гэта ў асноўным бязлюдныя стэпы са жменькай вёсак і ўсяго двума аператыўна значнымі гарадамі летась. Гэта ўсё, што яны могуць паказаць», — цытуе Вуд Бароса.
За гэтыя сумнеўныя дасягненні Расія плаціць шакавальную цану. У адным з раёнаў аперацыі на Данбасе армія РФ «страціла каля 500 танкаў і 1000 бронетранспарцёраў — прыкладна дывізію на кожныя 10 кіламетраў прасоўвання», працягвае Вуд.
Сам факт таго, што сёння вядуцца дэбаты пра тое, якая краіна мае перавагу ў гэтай вайне, ужо адметны, кажа эксперт. У пачатку вайны, нават пасля таго як Украіна адбіла першую хвалю ўварвання, многія лічылі, што час на баку Расіі, бо тая большая і багацейшая, а яе вайскоўцы маюць больш досведу ў цяжкіх войнах. «У 2022 годзе ўсе аналітыкі лічылі, што Пуцін і Расія будуць лепш падрыхтаваныя да таго, каб вытрымаць доўгатэрміновую, зацяжную вайну супраць меншай Украіны, — сказаў Барос. — Гэтае дапушчэнне аказалася памылковым. Зацягванне канфлікту цяпер на самай справе больш шкодзіць рускім, чым украінцам». Эксперт пералічвае ўсё меншыя запасы ваеннай тэхнікі, праблемы з наборам людзей. Зрэшты, ва Украіны сітуацыя падобная, асабліва ўлічваючы тое, што Трамп спыніў пастаўкі ваеннай дапамогі на гэтым тыдні.
«Украіна, падобна, лічыць, што калі Расія будзе захопліваць яе тэрыторыю цяперашнімі тэмпамі, у яе ў выніку скончацца людзі, танкі, грошы і воля да барацьбы. Калі Украіне яшчэ год ці больш давядзецца змагацца, пакутаваць і трываць яшчэ больш смерцяў і разбурэнняў, то яе становішча незайздроснае, але яно не пройгрышнае», — падсумоўвае журналіст.