Лукашэнка — пра магчымасць мірных перамоваў па Украіне: У Расіі ўсе козыры
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 
/

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Расіі цяпер вялікія козыры ў пытанні канфлікту ва Украіне. Пра гэта ён заявіў журналістам у Крамлі, перадае яго прэс-служба.

Скриншот: видео Кремля
Уладзімір Пуцін падчас наведвання каманднага пункта ў Курскай вобласці 12 сакавіка 2025 года. Скрыншот: відэа Крамля

Адказваючы на пытанне, што сёння трэба, каб перамовы па Украіне сапраўды пачаліся, ён сказаў: «Калі шчыра, трэба, каб расіяне пагадзіліся. Ім складана цяпер пагадзіцца ў сілу таго, што на фронце ў іх лягчэй. Таму ў іх вялікія козыры, як Трамп казаў, у руках».

«Вось калі яны гэтыя козыры зберагуць, а не дастануць і не пачнуць у гэтай карцёжнай гульні выйграваць, тады дамовімся», — дадаў Лукашэнка.

Каментуючы на просьбу журналістаў паездку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна напярэдадні ў Курскую вобласць у вайсковай форме, Лукашэнка сказаў: «Малайчына. Што вы думаеце, галоўнакамандуючы проста так ездзіць? Калі прыехаў, заўтра, вобразна кажучы, трэба цалкам вызваляць усю тэрыторыю. Ну, некалькі дзён, і яна будзе вызваленая, наколькі я разумею».

Ён таксама заявіў, што Вашынгтону не ўдасца ператварыць прапанову пра часовае перамір'е ва Украіне «ў хітрыкі».

«Не, яны ўжо нас не зловяць, а Расію тым больш, — выказаў упэўненасць Лукашэнка, кажучы пра тое, ці можа прапанова пра часовае перамір'е быць нейкай хітрасцю. — Увесь час хітрыкі, хітрыкі, то падманулі, то яшчэ нешта. Ну, час ужо нам галавой думаць».

Ён нагадаў, што найбліжэйшым часам прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін мусіць сустрэцца з прадстаўнікамі ЗША для абмеркавання ў тым ліку гэтага пытання. «Там жа куча пытанняў акрамя 30-дзённага перамір'я, і гэта трэба ў цэлым пакетам узважваць і прымаць адпаведнае рашэнне», — перакананы Лукашэнка.

«Але гэта не хітрыкі, яно і не будзе хітрыкамі. Не будзе, бо мы ведаем, што нам трэба, яны ведаюць, чаго мы хочам, таму хітрыкамі [гэтая прапанова перамір'я] не будзе», — сказаў на заканчэнне ён.

Нагадаем, 11 сакавіка Украіна і ЗША правялі ў горадзе Джыда ў Саудаўскай Аравіі першыя перамовы, якія датычылі завяршэння вайны ва Украіне. Сустрэча з перапынкамі доўжылася больш за восем гадзін. У сумеснай заяве па яе выніках адзначалася, што Украіна гатовая прыняць прапанову ЗША наконт 30-дзённага рэжыму спынення агню, калі яго будзе выконваць і Расія.